помнік архітэктуры псеўдарус. стылю ў г. Узда Мінскай вобл. Пабудавана ў 1840 з цэглы на месцы драўлянага храма (вядомы з 16 ст.) па фундацыі Ф.Завішы. Аднанефавы 1-апсідны храм, накрыты 4-схільным шатром, у цэнтры якога невял. шлемападобны купал на 8-гранным барабане. План царквы сіметрычны адносна падоўжнай восі, цэнтр.ч. блізкая да квадрата. Асаблівасць аб’ёмна-планіровачнага вырашэння — бесстаўповая 1-пралётная сістэма перакрыццяў асн. аб’ёму і складаная сістэма перакрыццяў у трапезнай (у 2-м яе ярусе размешчана званіца). У дэкар. аздабленні фасадаў выкарыстаны кілепадобныя какошнікі, падвойныя аконныя праёмы асн. аб’ёму і патройнае акно на зах. фасадзе званіцы, а таксама элементы класіцызму — 2-схільныя дахі, профілі карнізаў, руставаныя абрамленні гал. ўвахода і аконных праёмаў.